За гады Вялікай Айчыннай вайны Рэдкавічы палілі двойчы. Палілі за сувязь з партызанамі, за свабодалюбны нескароны дух, за супраціўленне фашыстам. У час апошняй карнай аперацыі людзі, як звычайна, кінуліся ратавацца ў лес. Разам з усімі бег да бліжайшага хмызняку і Адам Нізкі. Вось ужо выратавальныя галінкі б’юць па руках і па твары, але нешта штурхае яго ў нагу, і юнак падае на зямлю. З гарачкі ён яшчэ поўз да гушчару, але паступова заўважаў, што нага яго ўжо не слухаецца. А ўвесь ён ледзь не да самых грудзей заліты крывёю.
– Ну вось папаўся, гадзёныш, – пачулася аднекуль зверху, і над Адамам навісла шырокая постаць паліцая. Той клацнуў затворам СВТ, ускінуў вінтоўку да пляча, і чорная зрэнка ствала глянула юнаку прама ў твар. Шчоўкнуў спускавы курок, але стрэлу не адбылося. Паліцай брыдкасловіў на ўвесь лес і спрабаваў перазарадзіць зброю, але да яго падышоў нейкі начальнік з аўтаматам ППШ у руках.
– Чаго не ловіш партызан, Матавіла? – Ці то па прозвішчы, ці то па мянушцы, звярнуўся ён да паліцая з вінтоўкай.
– Ды вось злавіў аднаго, – адказаў той, паказваючы на акрываўленага пабялелага юнака, - даб’ю, каб не мучыўся.
– Ды каго ты злавіў, ёлупень, ён жа ў жывот і нагу паранены. І сам сканае хутка на марозе, а астатнія збягуць, – і паліцаі кінуліся ўслед за ўцекачамі – аднавяскоўцамі Адама.
Беспрытомнага юнака знайшоў у лесе праз некалькі гадзін яго родны брат. Ён і завёз хлопца ў Загалле. Але праз два тыдні фашысты прыйшлі і туды. Так Адам Нізкі трапіў у Слаўкавіцкі лагер, адкуль моладзь адпраўлялі на работу ў Германію. А паранены цывіліны юнак немцам быў не патрэбны. Яны і аддалі яго паміраць брату. Аднак Адам выжыў. Пасля доўгіх пакут ён трапіў у Азярное, а ў чэрвені 1944 г. вёску вызваліла Чырвоная армія.
Яны аказалі хлопцу медыцынскую дапамогу, далі медыкаменты, сказалі, як лячыць рану. І справа пайшла на папраўку. А ў жніўні таго ж года Любанскі райваенкамат прызваў яго на службу ў дзеючую армію. Так трапіў Адам Нізкі ў 390-ы запасны стралковы полк. Пасля кароткай вучобы стаў другім нумарам 82-міліметровага мінамёта.
Заседжвацца ў тыле доўга не давялося. Лёс распарадзіўся так, што радавому А. Нізкаму прыйшлося прыняць удзел у некалькіх вядомых вайсковых аперацыях. Першымі сталі баі за Сандамірскі плацдарм.
Савецкія войскі пасля некалькіх спроб прадоўжыць наступ на левым беразе Віслы ўступілі ў пазіцыйную барацьбу з ворагам. У тыя дні мінамётчык Нізкі вызначыўся асабіста. У адным з баёў ён выпусціў па фашыстах звыш 300 мін. І гэта з улікам змены пазіцый, пад артылерыйскім агнём фашысцкіх батарэй.
Праз колькі часу вайсковая часць, у якой служыў Адам, фарсіравала галоўную раку Польшчы ў іншым месцы. Затым былі цяжкія баі за Варшаву, дзе мінамётчыкам хапіла работы па самую макаўку. І разлік мінамёта, у якім служыў Нізкі, зноў аказаўся лепшым. Менавіта за тыя баі па вызваленні польскага народа Адама ўзнагародзілі медалямі «За адвагу», «За баявыя заслугі».
Затым была Германія і наступ на Берлін. Але перш чым узяць логвішча фашысцкага звера павінен быў адбыцца штурм Зеелаўскіх вышынь. Менавіта тут вораг стварыў эфектыўную, глыбокаэшаланаваную абарону. І трэба сказаць, абараняўся ён умела і адчайна, сеючы смерць кожнаму, хто падымаўся ў атаку. Актыўны ўдзел у артпадрыхтоўцы прыняў і ягоны 9-ы мінамётны батальён. Адказваючы агнём на агонь, немцы накрылі артылерыяй пазіцыю ўзвода. Быў забіты камандзір разліку сяржант Мікалай Арлоў, знішчаны і сам мінамёт. А Адам Нізкі працягваў бой у складзе суседняга баявога разліку.
Пасля штурму яго залічылі тэлефаністам 738-га стралковага палка, але, як і раней, ён быў у складзе мінамётнай батарэі. А вось увайсці ў Берлін, як пераможцу, Адаму не пашчасціла. Яго вайсковая часць выконвала загад Вярхоўнага Галоўнакамандуючага, павярнула паўночней Берліна на Эльбу, дзе неўзабаве сустрэлася з амерыканцамі.
Па заканчэнні баявых дзеянняў Нізкі працягваў службу ў ваеннай камендатуры г. Котбуса, што ў 95 кіламетрах ад Берліна. Тут яго і знайшла ўзнагарода за штурм Зеелаўскіх вышынь – ордэн Чырвонай Зоркі, а яшчэ медалі за вызваленне Варшавы, «За ўзяцце Берліна», «З перамогу над Германіяй». Пазней да іх дадаўся ордэн Вялікай Айчыннай вайны II ступені, шматлікія юбілейныя медалі.
Старонкі ўлікова-паслужнай карткі А. Г. Нізкага
Сёння А. Г. Нізкі на пенсіі. Але па-ранейшаму падтрымлівае сувязь з калгасам, вядзе актыўную грамадскую работу. Завітвае часам і ў школу, каб расказаць маладым пра свой баявы шлях, што пралёг ад берагоў Арэсы да далёкай Эльбы.
Атрад 7-га класа
піянерскай дружыны
ім. Ф. Г. Конанавай
«Рэдкавіцкай дзяржаўнай сярэдняй школы Любанского района»
(в. Рэдкавічы, Любаньскі раён, Мінская вобласць)