Back
Абаронца Сталiнграда

Хачу распавесці пра малодшага брата майго дзядулі Канстанціна Канстанцінавіча Тукая, ураджэнца вёскі Дубава Баранавіцкага раёна, 1900 года нараджэння. У 1920-м ён добраахвотнікам уступіў у Чырвоную Армію. Спачатку скончыў школу чырвоных камандзіраў, а у 1934 годзе — Ваенную акадэмію імя М. Фрунзэ. У званні маёра атрымаў прызначэнне на пасаду камандзіра палка, які перад вайной размяшчаўся ў Вільнюсе. За два дні да пачатку вайны адбыў у камандзіроўку па маладое воінскае папаўненне, пакінуўшы дома жонку Надзею Іванаўну, дванаццацігадовую дачку Алену і трохгадовага сына Жэню.
У Вільнюсе ў першыя дні вайны панавала паніка і неразбярыха, але пра сем’і камсаставу не забыліся — падалі эшалоны для эвакуацыі ў тыл. Для падвозу людзей на вакзал камандаванне часці арганізавала падводы, звярнуўшыся з просьбай аб дапамозе да мясцовых жыхароў. Пад’ехала падвода і да Надзеі Іванаўны. Але, нагрузіўшы яе няхітрыя пажыткі, вознік даставіў сваіх пасажыраў не на вакзал, а за горад. Хоць перад ім была перапалоханая і безабаронная жанчына з малымі дзецьмі, вознік паскідаў усе рэчы з воза і паехаў, папярэдзіўшы, каб не лямантавала, а не то будзе дрэнна. Паколькі Літва была нядаўна ўключана без згоды народу ў склад СССР, мясцовае насельніцтва скоса паглядала на рускіх, лічыла іх акупантамі, і на дапамогу разлічваць было цяжка.
Што было рабіць Надзеі Іванаўне, ураджэнцы Адэсы, з двума малалетнімі дзецьмі на чужыне, удалечыні ад Радзімы? І яна ўспомніла, што ў адной з вёсак пад Баранавічамі пражывае старэйшы брат мужа. Праўда, бачыцца з ім ніколі не даводзілася, таму што Заходняя Беларусь да 1939 года знаходзілася ў складзе Польшчы, але гэта быў адзіны варыянт вырашэння паўсталай праблемы.
Узяўшы толькі дакументы і самыя неабходныя рэчы, Надзея Іванаўна з Жэнем на руках (Лена ішла сама), вырашыла прабірацца да Баранавіч. Як яны адолелі гэтыя дзвесце кіламетраў — гэта асобная гісторыя. Але дзякуючы падтрымцы добрых людзей, якія не былі абыякавымі да чужога гора, давалі прытулак, дзяліліся апошнім кавалкам хлеба, праз тыдзень бежанцы дайшлі да вёскі Дубава. Адшукалі патрэбны дом, пастукалі. Ануфрэй Канстанцінавіч гасцінна прыняў сям’ю брата. Як не прыняць, калі вакол было столькі людскога гора. Разам з тым гэта была для гаспадара вялікая рызыка. Але ніхто з жыхароў вёскі Дубава нямецкім уладам не далажыў, што Ануфрый Тукай даў прытулак сям’і камандзіра Чырвонай Арміі.
Канстанцін Канстанцінавіч вельмі спадзяваўся, што яго Надзеі Іванаўне ўдалося эвакуявацца ў тыл. Знаходзячыся на фронце, ён доўга шукаў іх, але безвынікова. Знайшоу толькі сваю пляменніцу, маю маму, якая разам з маёй бабуляй знаходзілася ў эвакуацыі ў Мардовіі.
А Канстанціна Канстанцінавіча ваенныя дарогі завялі пад Сталінград, дзе ён са сваім палком прыняў удзел у самай грандыёзнай бітве Вялікай Айчыннай вайны. Там, у горадзе над Волгай, ён і загінуў 17 жніўня 1942 года.
Пахаваны малодшы брат майго дзядулі на Мамаевым кургане. На гранітнай стэле сярод мноства прозвішчаў загінулых абаронцаў горада (другая калонка, трэці радок знізу) высечена і яго імя — маёр Тукай Канстанцін Канстанцінавіч.

Унук Іван Лычкоўскі
(г. Баранавічы)